Портал
карта области

Брагінскі раён

Палескі Вячаслаў (сапр. Станкевіч Вячаслаў Пятровіч; 3.11.1912, в. Астрагляды Брагінскага раёна – 18.06.1971), беларускі журналіст і драматург, дзяржаўны дзеяч. Член Саюза пісьменнікаў Беларусі (1949). Заслужаны дзеяч культуры Беларусі (1967). Узнагароджаны ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга, двума ордэнамі «Знак Пашаны» і медалямі. Яго імя прысвоена Бабчынскай сярэдней школе Хойніцкага раёна, у якой ён вучыўся.

Нарадзіўся ў сялянскай сям'і. Скончыў дзевяцігодку з педагагічным ухілам (1929). Настаўнічаў у вёсцы Лазараўка Рэчыцкага раёна. У 1930-1932 гг. працаваў у абласной газеце «Палеская праўда». З 1932 г. у Мінску – у газетах «Савецкая Беларусь», «Калгаснік Беларусі», «Советская Белоруссия», на Беларускім радыё. У 1941-1944 гг. - на радыёстанцыі «Савецкая Беларусь» (Масква). З 1944 г. адказны сакратар, намеснік рэдактара газеты «Звязда». З 1961 г. – намеснік старшыні, у 1965-1971 гг. старшыня Дзяржаўнага камітэта Савета Міністраў БССР па радыёвяшчанню і тэлебачанню. Выбіраўся дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР (1971). Сябра СП СССР з 1949 г.

Дэбютаваў у 1928 г. вершам. У 1930 г. у Гомелі выйшаў калектыўны зборнік вершаў «Разгон», у якім былі змешчаны яго вершы. Аўтар п'ес «Песня нашых сэрцаў» («Што пасееш, тое і пажнеш», надрукавана і пастаўлена ў 1949), «Калі зацвітаюць сады» (надрукавана і пастаўлена ў 1950), «Гарачыя пірагі» (1958, ставілася Бугурусланскім тэатрам). У 1976 г. выйшла кніга «П'есы».

Пераклаў на беларускую мову п'есы «Палата» С. Алёшына, «Ноч памылак» О. Голдсміта.