Портал
карта области

Жлобінскі раён

Рагаўцоў Васіль Іванавіч (4.1.1952, г.п. Стрэшын Жлобінскага раёна – 30.06.2016), беларускі паэт, мовазнаўца. Член Саюза пісьменнікаў Беларусі (1996). Лаўрэат літаратурнай прэміі імя Васіля Хомчанкі Магілёўскага абласнога аддзялення грамадскага аб’яднання «Саюз пісьменнікаў Беларусі» (2008). Член-карэспандэнт Беларускай акадэміі адукацыі (1999). Доктар філалагічных навук (2003). Прафесар (1993). Заслужаны работнік адукацыі Рэспублікі Беларусь. Узнагароджаны медалём Францыска Скарыны (2002).

Пасля заканчэння мясцовай сярэдней школы паступіў і ў 1973 г. скончыў Мазырскі педагагічны інстытут (цяпер Мазырскі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя І.П. Шамякіна) па спецыяльнасці «Беларуская мова і літаратура».

Працаваў настаўнікам беларускай мовы i літаратуры i арганізатарам пазакласнай i пазашкольнай выхаваўчай работы (1973–1975), настаўнікам беларускай мовы i літаратуры (1975–1976) Коўчыцкай СШ Светлагорскага раёна Гомельскай вобласці.

У 1978 г. скончыў аспірантуру пры Інстытуце мовазнаўства АН БССР і пачаў працаваць у Магілёўскім дзяржаўным універсітэце імя А.А. Куляшова, з 1983 г. да 2013 г. – загадчыкам кафедры беларускай мовы.

Аўтар звыш за 220 навуковых прац, у т.л. 4 манаграфій, 2 слоўнікаў, 15 вучэбных дапаможнікаў. Гэта: «Моўны разбор у ВНУ і ў школе» (з С.Я. Кечык; 1988), «Практыкум па ўводзінах у мовазнаўства» (1989), «Уводзіны ў мовазнаўства: Заданні для самастойнай работы студэнтаў» (1992), «Сінтаксіс беларускай і рускай моў: Дыскусійныя пытанні» (2001), «Практыкум па гісторыі агульнага мовазнаўства» (2001), «Маўленчае выражэнне камічнага ў беларускай драматургіі» (2002), «Уводзіны ў мовазнаўства» (2004), «Гісторыя мовазнаўства» (2005), «Агульнае мовазнаўства» (2006), «Агульнае мовазнаўства: Практыкум» (2007), «Мовы свету: Энцыклапедычны даведнік» (2009). Адзін з аўтараў «Матэрыялаў да абласнога слоўніка Магілёўшчыны» (1981), «Руска-беларускага слоўніка па машынабудаванні» (1998), «Анамастычнага слоўніка Магілёўшчыны» (2000), «Слоўніка мікратапонімаў Магілёўшчыны» (2004). З навуковымі і навукова-метадычнымі працамі выступаў у навуковых зборніках, часопісах і інш. выданнях.

Як паэт заявіў аб сабе ў пятнаццацігадовым узросце, калі ўпершыню былі надрукаваны першыя вершы ў жлобінскай раённай газеце «Камуніст» у 1967 г. У рэспубліканскіх перыядычных выданнях вершы з'явіліся ў 1968 г.

Аўтар паэтычных зборнікаў. «Сутонне» (1995), «Долягляд» (1998), «Адмыслоўцы» (2007), «На роскрыжы дарог» (2008), «Імгненне і вечнасць».

Асобныя вершы пакладзены на музыку.

Літаратура аб жыцці і дзейнасці:

  1. Сокал, А. Імгненні жыцця / А. Сокал // Жыццё Палеся. – 1996. – 12 сакавіка.
  2. Шуканаў, М. „Трэба быць хоць трохі незямным « / М. Шуканаў // Гомельская праўда. – 1998. – 15 снежня.
  3. Марціновіч, А. Наталенне родным словам / А. Марціновіч // Настаўніцкая газета. – 1999. – 19 студзеня.
  4. Андрэйчанка, М. Долягляд – за даляглядам / М. Андрэйчанка // Літаратура і мастацтва. – 1999. – 26 лютага.
  5. Півуноў, Ю. „ ...Слова – асалода мая і ўцеха « / Ю. Півуноў // Наша слова. – 1999. – 10 сакавіка.      
  6. Новая кніга земляка : [«На скрыжаванні дарог»] // Новы дзень. – 2008. – 26 лютага. – С. 1.
  7. Беларуская афарыстычная традыцыя ў паэзіі Васіля Рагаўцова // Шур, В. В. Уласнае імя ў мастацкім тэксце : манаграфія / В. В. Шур. – Мазыр : МДПУ, 2010. – С. 160 – 164, 1\15443 окр
  8. Валовіч, В. «Жыццё складаецца з імгненняў...» : [выйшаў з друку зборнік «Імгненне і Вечнасць»] / Валянціна Валовіч // Краязнаўчая газета. – 2011. – № 11. – С. 5.
  9. Дуктаў, У. Дзівосы ў вершах і верш як дзіва / Уладзімір Дуктаў // Літаратура і мастацтва. – 2012. – 6 студзеня. – С. 7.
  10. Штэйнер, І. Думка, вобраз, пачуццё ў лірыцы Васіля Рагаўцова / Іван Штэйнер // Роднае слова. – 2012. – № 1. – С. 32 – 35.
  11. Шур, В. Імгненне і вечнасць : [аб кнізе «Імгненне і вечнасць»] / Васіль Шур // Полымя. – 2012. – № 1. – С. 166 – 169.
  12.  Бельскі, А. Душа і слова / Алесь Бельскі // Роднае слова. – 2015. – № 6. – С. 19 - 22.
  13. Шур, В. Імгненне і вечнасць… : штрыхі да творчага партрэта Васіля Рагаўцова / Васіль Шур // Роднае слова. – 2017. – № 1. – С. 32 – 34.