Портал
карта области

Жлобінскі раён

Содаль Уладзімір Ільіч (13.09.1937, в. Мормаль Жлобінскага раёна – 15.04.2015), беларускі літаратуразнавец, краязнавец, журналіст. Член Саюза журналістаў і Саюза беларускіх пісьменнікаў (1996). Сябар Рэспубліканскай Рады «Таварыства беларускай мовы імя Францыска Скарыны», рэдкалегіі газеты «Наша слова» і «Таварыства беларускай школы». Удзельнік Устаноўчага з'езду БНФ, ТБМ.
Скончыў Мінскі педагагічны інстытут (1963). Працаваў загадчыкам Мормальскага сельскага клуба, электрыкам Мурманскага сударамонтнага завода, скончыў брыгадныя курсы токараў, настаўнікам беларускай мовы і гісторыі Астрашыцкага дзіцячага сухотнага санаторыя, намеснікам галоўнага рэдактара часопіса «Мастацтва Беларусі», рэдактарам навукова-папулярных і навучальных праграм. У 1967–2000 гадах працаваў на Беларускім тэлебачанні, у тым ліку быў рэдактарам асветніцкіх перадач «Роднае слова» (1979–2000), «У кожнага была свая вайна».

Першыя апавяданні апублікаваў у 1955 годзе ў газеце «Піянер Беларусі». Даследаваў беларускую літаратуру і культуру ХІХ–ХХ ст. Вывучаючы літаратурныя мясціны, звязаныя з жыццём і дзейнасцю пісьменнікаў В. Дуніна-Марцінкевіча, Ф. Багушэвіча, Ядвігіна Ш. і інш, занатаваў паданні, легенды, народныя песні, прыказкі і прымаўкі.

Аўтар кніг «Людзьмі звацца» (1977), «Пуцявінамі сейбіта» (1982), «Кушлянскі кут» (1990), «Сцежкамі Мацея Бурачка» (1990), «Жупранская старонка» (1992), «Тут бачу свой край» (1994), «Свіранскія крэскі» (1995), «Карпілаўка» (2001), «Умей слухаць» (2003), «Святы той куточак фальварак Свіраны» (2005), «Анекдоцік у роцік» (2008), «Блаславёныя Кушляны» (2009), «Народныя апавяданні» (2009). Складальнік альбомаў «Францішак Бенядзікт Багушэвіч» (1986), «Вінцэнт Якуб Дунін-Марцінкевіч» (1997). Укладальнік зборнікаў твораў Ф. Багушэвіча «Мая дудка» (1987), «Каму дудка паслушна» (1990).

Літаратура аб жыцці і дзейнасці:

  1. Карабанаў, І. З ашчаднасцю да духоўных скарбаў / І. Карабанаў // Камуніст. – 1978. – 19 студзеня.
  2. Шуканаў, М. Шляхамі Багушэвіча / М. Шуканаў // Гомельская праўда. – 1991. – 14 мая.
  3. Карлюкевіч, А. Ля купалаўскіх вытокаў / А. Карлюкевіч // Літаратура і мастацтва. – 1994. – 2 верасня. – С. 6.
  4. Содаль У.І. прыняты ў Саюз пісьменнікаў // Літаратура і мастацтва. –1996. – 31 мая.
  5. Варава, А. Руплівец / А. Варава // Голас Радзімы. – 2005. – 22 верасня. – С. 6.
  6. Карлюкевіч, А. Збіральнік памятак зямлі беларускай : [У. І. Содаль] / Алесь Карлюкевіч // Роднае слова. – 2007. – № 9. – С. 75.
  7.          Шуканаў, М. Любоў да роднага слова пранёс праз усё жыццё / Мікалай Шуканаў // Новы дзень. – 2007. – 13 верасня. – С. 1.
  8. Шуканаў, М. Памяць вяртае ў родны Мормаль : [Уладзіміру Содалю – 75 гадоў] / Мікалай Шуканаў // Краязнаўчая газета. – 2012. – верасень. – С. 3.